Гражданские, Экономические, Административные,
Уголовные дела, Интеллектуальная собственность
Гражданские, Экономические,
Административные, Уголовные дела,
Интеллектуальная собственность
Iнга МIНДАЛЁВА
Ведай нашых!
Беларуская газета ЗВЯЗДА
№ 78-79 АРХIЎ 28 сакавiка 2003г. Пятнiца
Аўтару сцэнарыя любiмага мiльёнамi гледачоў фiльма «Белыя Росы», вя-домаму айчыннаму драматургу Аляксею Дудараву неяк давялося ў судзе абараняць свае правы на iнтэлектуальную ўласнасць, а канкрэтна — на назву сцэнарыя. Яе, не спытаўшы дазволу ў Дударава, «пазычылi» Гродзенскi лiкёра-гарэлачны завод i Першая мiнская птушкафабрыка. Завод выпускаў гарэлку «Белыя росы», а фабрыка змясцiла назву на шыльдзе сваiх фiрменных крамаў.
Абодва працэсы Аляксей Ануфрыевiч выйграў. Нават атрымаў кампенсацыю. «Праўда, гэта не такiя грошы, пра якiя можна сур’ёзна гаварыць, — зазначыў драматург. — Я не абагацiўся, затое стварыў прэцэдэнт. Справа ў тым, што многiя нашы дзеячы культуры лiчаць, што тое, што яны стварылi, iм не належыць. Некаторыя мае калегi, даведаўшыся, што я падаў iск, не зразумелi мяне, палiчылi, што я апусцiўся так нiзка, што гатовы судзiцца нават з-за назвы. Вакол — юрыдычная неадукаванасць i пагардлiвыя адносiны да таго, што ты ствараеш. Iнтэлектуальная ўласнасць — рэч нематэрыяльная, аднак куды больш каштоўная. Калi б мы яе не цанiлi, дык i сёння ездзiлi б на квадратных колах».
Мой знаёмы — асоба таленавiтая i рознапланавая, з тых, пра каго гавораць «I шавец, i кравец, i каваль, i стругаль.» Займаецца музыкай — не так даўно разам з сябрамi запiсаў першы альбом, гуляе ў футбол — удзельнiчае ў гарадскiх спаборнiцтвах па гэтаму вiду спорту, малюе.
Па прафесii ён перакладчык — ведае англiйскую i нямецкую мовы, працуе журналiстам, але галоўным у сваiм жыццi лiчыць лiтаратурную творчасць. Выдаў некалькi кнiжак, зараз працуе над чарговай. Аднойчы на латку вулiчнага гандляра друкаванай прадукцыяй ён убачыў збор артыкулаў розных аўтараў з iнтрыгуючай назвай накшталт «Таямнiцы тысячагоддзя», сярод якiх з вялiкiм здзiўленнем знайшоў i свае, апублiкаваныя ў адной сталiчнай газеце. Нiякага дазволу на размяшчэнне яго твораў у гэтай «салянцы» коштам 4.000 рублёў мой знаёмы нiкому не даваў. Калi ж ён звярнуўся да ўкладальнiкаў па тлумачэннi, то яму адказалi, што ў канцы яго артыкулаў змешчана спасылка на газету, адкуль былi ўзятыя матэрыялы, i што нагоды для прэтэнзiй у аўтара няма нiякiх, пасля чаго павесiлi трубку.
Такiх, як мой знаёмы, талентаў i самародкаў у нас многа. А яшчэ больш тых, хто iмкнецца на iх творах i вынаходствах «зрабiць» грошы ў абход аўтара.
Iнтэлектуальная ўласнасць — рэч нематэрыяльная, памацаць рукамi яе немагчыма. Затое вельмi лёгка адняць, украсцi, прысвоiць. Нашы суграмадзяне былi i пакуль застаюцца адной з самых чытаючых нацый, аднак што датычыцца прававой дасведчанасцi, то тут мы можам «пахвалiцца» толькi рэдкай дрымучасцю. У сённяшнiх умовах iнфармацыя, «ноу-хау» цэнiцца як нiколi высока, эфемерны тавар актыўна прадаецца i набываецца. Вось толькi прадаюць яго не заўсёды тыя, хто мае на гэта права.
Сёння — дырэктар, заўтра — банкрут
Без адваката разабрацца з падобнымi праблемамi, адстаяць свае iнтарэсы выключна цяжка. I лепш звярнуцца да спецыялiста вузкага профiлю, якiя ў нас ужо ёсць. У Мiнску трэцi год працуе спецыялiзаваная юрыдычная кансультацыя №4 па пытаннях iнтэлектуальнай уласнасцi Мiнскай гарадской калегii адвакатаў.
Само па сабе паняцце iнтэлектуальнай уласнасцi даволi шырокае i ўмоўна падзяляецца на некалькi галiн. Першая датычыцца права прамысловай уласнасцi, аб’ектамi якога з’яўляюцца вынаходствы, карысныя мадэлi, прамысловыя ўзоры, новыя пароды жывёл, сарты раслiн, сродкi iндывiдуалiзацыi — таварныя знакi, фiрменныя найменнi, геаграфiчныя паказальнiкi. Таксама аб’ектам права прамысловай уласнасцi лiчацца сакрэты вытворчасцi, «ноу-хау», якiя не павiнны быць вядомы трэцiм асобам.
Тэлефануе неяк у кансультацыю дырэктар аднаго прадпрыемства, па голасе чутна, што вочы ў яе на мокрым месцы. Узяла новага работнiка. Той увайшоў у курс спраў, асвоiў тэхналогiю вытворчасцi, вынайдзеную мясцовымi спецыялiстамi, i... звольнiўся. А зрабiўшы гэта, адразу пачаў уласны бiзнэс па вытворчасцi аналагiчнага прадукту, па такой жа тэхналогii... толькi таннейшага. А прадпрыемства стала банкрутам, бо свае правы на арыгiнальную тэхналогiю нiдзе не аформiла i каштоўную iнфармацыю ад такiх вось «трэцiх асоб» не ахоўвала.
Прыгадайце рэкламныя ролiкi пральных парашкоў i мыйных сродкаў, дзе «галоўны герой» з мноствам станоўчых якасцяў процiпастаўляецца астатнiм, звычайным. Канкрэтнай назвы «астатнiх» на этыкетках няма, але самi ўпакоўкi вельмi нагадваюць па дызайну прадукцыю канкурэнтаў. Калi ў рэкламе наўмысна змяшчаецца непраўдзiвая iнфармацыя наконт прадукцыi iншых вытворцаў — гэта яскравы ўзор нядобрасумленнай канкурэнцыi, падобныя дзеяннi могуць карацца законам.
Аўтара!..
Часцей у кансультацыю №4 звяртаюцца са скаргамi аб парушэннi аўтарскiх i сумежных правоў у дачыненнi да твораў навукi, лiтаратуры i мастацтва, а таксама сайтаў i камп’ютарных праграм.
Калi вы Аўтар — значыць, валодаеце комплексам маёмасных i асабiстых немаёмасных правоў на свой Твор. Да першай групы адносяцца права на ўзнаўленне (тыражыраванне), распаўсюджванне арыгiналаў i копiй, права пракату, выканання, публiчнай дэманстрацыi твора i iнш. Усе пералiчаныя правы належаць аўтару пажыццёва, а пасля яго смерцi пераходзяць на 50 гадоў яго спадчыннiкам.
Асабiстымi немаёмаснымi з’яўляюцца права на iмя (выкарыстоўваць цi дазваляць выкарыстоўваць сапраўднае iмя, псеўданiм, альбо ананiмнасць), права аўтарства (прызнавацца аўтарам твора), права на абарону твора i назвы ад скажэнняў, права на першае абнародаванне. Яны замацоўваюцца за Аўтарам на ўсе часы i не перадаюцца ў спадчыну. Калi ж нават пасля яго смерцi гэтыя правы парушаюцца, нашчадкi могуць падаць у суд i выйграць справу.
У адрозненне ад асабiстых, маёмасныя правы Аўтар мае магчымасць цалкам уступiць (прадаць) альбо перадаць iх па аўтарскаму дагавору на пэўны тэрмiн, што i робяць зараз многiя творчыя асобы, у прыватнасцi кампазiтары i паэты-песеннiкi.
Сёння вельмi распаўсюджаная з’ява — кiраванне аўтарскiмi правамi, калi Аўтар давярае пэўнай асобе атрымлiваць выгаду ад маёмасных аўтарскiх правоў. Творчыя натуры — народ узнёслы, натхнёны, у грубых зямных матэрыях, як правiла, нiчога не кемiць. Вось чаму кожная паважаючая сябе «зорка» абавязкова мае свайго камерцыйнага дырэктара.
Ва ўсiм свеце iснуюць грамадскiя арганiзацыi, што займаюцца калектыўным кiраваннем аўтарскiмi правамi. Мы — выключэнне, у нас гэта даручана Камiтэту па навуцы i тэхналогiях пры Савеце Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь.
Пра Джоўля, Ленца i зялёнае кола
З аўтарскiмi правамi ўсё быццам бы зразумела, а вось што такое сумежныя правы? Яны больш датычацца тэатра i музыкi, калi ў гульню за прыбытак i папулярнасць уступае выканаўца. Спявак, дэкламатар, лектар атрымлiвае дазвол на выкананне твора ад аўтара, а потым сам дае цi не дае «зялёнае святло», каму i як выкарыстоўваць гэтае выкананне ( кiна-, вiдэа-, гуказапiс свайго выступлення). Тэатральныя пастаноўкi, фанаграмы, трансляцыi эфiрнага i кабельнага вяшчання «абцяжарваюцца» сумежнымi правамi. Мiнулагоднi скандал з трансляцыяй футбольных матчаў чэмпiянату свету памятаеце?.. Забыцца на чужыя сумежныя правы не дадуць, нават калi вельмi захочаш.
Увага!
Аўтарскае права не распаўсюджвае сваю ахову на iдэю. Таму лепш не страсайце дарэмна паветра, а хуценька рэалiзоўвайце сваю iдэю, каб нiхто не перахапiў. Тым больш што разумная iдэя можа з’явiцца адразу ў некалькiх галовах (законы Бойля—Марыёта, Джоўля—Ленца).
Паводле нашага заканадаўства, аўтарскае права можа распаўсюджвацца на Твор з моманту яго нараджэння . Яго не трэба нiдзе рэгiстраваць (у адрозненне ад вынаходнiцтва). Галоўная «фiшка» — даказаць усяму свету, што вы зрабiлi Твор, а не бязглуздзiцу. «Чорны квадрат» Малевiча — гэта твор, але няма гарантыi, што намаляванае вамi зялёнае кола таксама будзе прызнанае творам.
Аўтарскае права рознiцца ад патэнта тым, што апошнi выдаецца на пэўны тэрмiн i дзейнiчае на пэўнай тэрыторыi, аўтарскае права ахоўваецца на працягу жыцця Аўтара i 50 гадоў пасля яго смерцi ва ўсiм свеце. Менавiта таму многiя фiрмы i не патэнтуюць свае «ноу-хау», абмяжоўваючыся патэнтам на сам прадукт. Сёння нiхто не можа паўтарыць хiмiчны састаў напою «Кока-Колы» — яго формулу ведаюць менш чым дзесяць чалавек вышэйшага складу кампанii. Вытворцы проста ахоўваюць яе, як закрытую iнфармацыю, i не патэнтуюць.
За парушэнне аўтарскiх i сумежных правоў прадугледжваецца грамадзянская, адмiнiстрацыйная i крымiнальная адказнасць. Памер кампенсацый i штрафаў можа вагацца ад 10 да 50.000 базавых велiчынь. Могуць быць канфiскаваныя ўсе кантрафакты (аўдыё-, вiдэа-, кнiгапрадукцыя, вырабленая без згоды аўтара, пiрацкiя копii). Калi пэўная асоба прыцягвалася за пiрацтва двойчы за год альбо здзяйсняла свой злосны ўчынак у складзе групы цi са злоўжываннем службовым становiшчам, ёй пагражае крымiнальнае пакаранне — да 5 гадоў пазбаўлення волi.
Пацвярджэнне i абарона аўтарскiх правоў — справа складаная i заблытаная. Кожны выпадак настолькi iндывiдуальны, што немагчыма даць нейкiя унiверсальныя парады. За выключэннем хiба адной — не займацца «самалячэннем». Перад тым як увязацца ў пэўную справу альбо звярнуцца ў суд, пракансультуйцеся са спецыялiстам.